ЦЭНТРАЛЬНАБЕЛАРУ́СКІЯ КРАЯВЫ́Я ЛЕДАВІКО́ВЫЯ ЎЗВЫ́ШШЫ І ГРА́ДЫ,
геамарфалагічная вобласць у цэнтр. частцы Беларусі (паводле геамарфалагічнага раянавання А.В.Мацвеева, 1988). Мяжуе з геамарфалагічнымі абласцямі Беларускага Паазер’я на Пн і Перадпалесся на Пд. Падзяляецца на Заходне- і Усходне-Бел. падвобласці і 19 геамарфалагічных раёнаў: Гродзенскае, Мінскае, Ваўкавыскае, Слонімскае і Навагрудскае краявыя ледавіковыя ўзвышшы, Скідзельская ледавікова-азёрная нізіна, Любчанская водна-ледавіковая нізіна, Лідская і Стаўбцоўская марэнныя раўніны, даліна Нёмана, Воранаўская водна-ледавіковая раўніна з краявымі ледавіковымі ўтварэннямі, Ашмянскія і Капыльскія краявыя ледавіковыя грады, Вілейская марэнная водна-ледавіковая нізіна, Крывіцкая марэнная раўніна з краявымі ледавіковымі ўтварэннямі (Зах.-Бел. падвобласць) і Верхнебярэзінская водна-ледавіковая раўніна, Лукомскае і Аршанскае краявыя ледавіковыя ўзвышшы, Горацкая марэнная раўніна з краявымі ледавіковымі ўтварэннямі (Усх.-Бел. падвобласць).
Рэгіён характарызуецца развіццём найб. значных краявых ледавіковых утварэнняў сожскага ледавіковага покрыва (гл. Сожскае зледзяненне). Пераважае дэнудацыйны градава-ўзгорысты рэльеф з пакатымі вяршынямі і глыбокім эразійным расчляненнем. Шмат дэнудацыйных лагчын і скразных далін. На краявых утварэннях часта залягаюць лёсападобныя пароды, дзе пашыраны шматлікія яры і суфазійныя западзіны. Азёрныя і інш. катлавіны трапляюцца рэдка. Рэкі з добра аформленымі далінамі, трапляюцца таксама вузкія і глыбокія з камяністым дном і парогамі. Пераважаюць выш. 200—250 м, найвыш. і макс. для Беларусі — 342 і 345 м (Лысая гара і Дзяржынская гара). Падвобласці з рознай структурна-тэктанічнай будовай: зах. ч. вобласці прымеркавана да Беларускай антэклізы, усх. — да Аршанскай упадзіны, што праявілася ў асаблівасцях даледавіковага і ледавіковага рэльефу і дынамікі ледавікоў. Для Зах.-Бел. падвобласці характэрны вял. абс. і адносныя вышыні, разнастайнасць ледавіковых форм, сярод якіх многія абумоўлены праяўленнем гляцыядыслакацый. У межах Усх.-Бел. падвобласці рэльеф набыў платопадобны характар, зніжаны абс. вышыні і зменшана гарыз. і верт. расчлянёнасць.
Літ.:
Матвеев А.В., Гурский Б.Н., Левицкая Р.И. Рельеф Белоруссии. Мн., 1988.
А.В.Мацвееў.
т. 17, с. 169
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)